В А Р У Ш Ы С Я!
Уласным лёсам спалучыць вякі, адчуць сябе дзяцьмі свайго народа i гаварыць з зямлёй на мове роднай…

 

Галоўная | Традыцыі захаваліся | Ствараем па-беларуску | Парады | Кантакты

 

статыстыка наведванняў

Яндекс.Метрика

 

ЯК ПАЧАЦЬ РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ

Пачынайце з асобных

беларускіх словаў і выразаў у сваёй расейскай гаворцы. Скажам, з «дзякуй — калі ласка», але ні ў якім разе не кажыце гэтых словаў смехам. Усё павінна крыху нагадваць сітуацыі з твораў класычнай рускай літаратуры, дзе героі, каб падкрэсліць думку, выкарыстоўваюць францускую мову, гаворачы збольшага па-руску. Нічога ненармальнага ў змяшэньні моваў няма, таму не паддавайцеся на наезды, маўляў, давай размаўляй на нейкай адной мове.

Кіньце пустыя

дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо яна нашая і нам яе даў Бог. Гэта — найлепшы і адзіны аргумент. Запомніце: выбар мовы — гэта аксіёма, а не тэарэма. У спрэчках пра выкарыстанне тае ці іншае мовы не можа быць логікі, а рацыянальныя аргументы не могуць быць вычарпальныя. Глупства — параўноўваць мовы багаццем лексікі, старажытнасцю і іншымі суб’ектыўнымі крытэрыямі. Спробы давесці, што «беларуская мова не горшая за…» або «ня менш мілагучная, як…» сведчаць толькі пра наяўнасць комплексу непаўнавартасці. Адначасова барані вас Божа абражаць пры тым іншую мову. Не прыпадабняйцеся да апанентаў у іх дзікунстве. Мы змагаемся не супраць рускай мовы, а за правы беларускай мовы. За сваю годнасць.

Не спяшайцеся і пашырайце

сферу свайго маўлення па-беларуску паступова, каб не траўмавацца, шукаючы аднадумцаў. Пры пераходзе на беларускуб мову вы мяняеце свой свет. Пераходзячы на іншую мову, вы мяняеце нешта большае, чым мову — вы перараджаецеся як чалавек. Нярэдка пры такім пераходзе людзі перажываюць свайго роду духоўнае вызваленьне, ачышчэнне ад мінулага. Перайсці да ўніверсальнага ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах імгненна не ўдасца. У некаторых вузкаспецыяльных сферах вы наогул не зможаце гэтага зрабіць да сканчэння маральнага перавароту ў грамадстве. Выйсце ў тым, што, нават працуючы з рускамоўнымі дакументамі і спецыфічнымі тэхналагічнымі пытаннямі, вы можаце выкарыстоўваць беларускую мову ў нефармальнай камунікацыі з калегамі (абмяркоўваючы тыя самыя дакументы). Ваш штодзённы дэвіз — рабі хоць штосьці. Сапраўды, што замінае вам усталяваць на працы тую ж беларускамоную інтэрнэт-праграму «Опера» ці паставіць беларускую мову ў наладках «Гуглу»? Гэта ж нашая краіна, давайце ўстановім у ёй свае парадкі. Адцеміце, што самы эфектыўны спосаб дзеяння — гэта такі, пры якім відавочныя толькі яго вынікі.

Пераходзяны на родную

мову і змяняючы свой свет, звярніцеся да тых рэчаў, якія вас атачаюць. Пачнём з тэлевізара і радыё. Пакуль што беларускага ТБ і беларускага радыё няшмат. Выйсце ў тым, што калі дагэтуль вы даведваліся пра навіны ў свеце з рускамоўнага ТБ ці радыё, дык ураўнуйце гэты ўплыў рускай мовы ў сваім жыцьці нейкай іншай мовай. Пачніце слухаць/глядзець нешта на любой іншай мове, якую вы разумееце. Для ўсіх паспалітых беларусаў гэта можа быць украінская мова, а для вельмі многіх — польская. Калі ж ніякіх магчымасцяў дзеля таго ў вас няма, дык замяніце гадзіну сядзення перад электроннымі СМІ чытаннем і стаўцеся да гэтага, як да важнага занятку. Перагледзьце і тое, што вы чытаеце, пераарыентаваўшы ўсё, што магчыма, на беларускамоўныя выданні. Вядома, гэта не павінна ісці на шкоду вашым прафесійным здольнасцям — што зробіш, калі падручнік радыётэхнікі ў нас існуе пакуль толькі па-руску.

Немагчыма імгненна

авалодаць мовай, і вам спачатку будзе бракаваць нашых словаў для азначэння многіх рэчаў. Не бянтэжцеся, а проста выкарыстоўвайце рускія словы. Нічога заганнага ў выкарыстанні замежных словаў, пакуль бракуе сваіх, няма. Многіх забаўляе звычка каўказскіх і сярэднеазіяцкіх народаў былога Саюзу шчодра перасыпаць рускімі тэрмінамі сваю гаворку. Часам у ёй ад роднай мовы застаюцца толькі дзеясловы-зьвязкі, прыметнікі ды службовыя словы (як вам «регистрация дар райотдел»?). Акурат такое юзанне словаў пануючай мовы дазволіла ім захаваць сваю ідэнтычнасьць, тады як беларусы пераходзілі на «багацейшую» рускую.

Калі для нейкай рэчы вы не можаце знайсці ў слоўніках адпаведнай беларускай назвы, дык стварыце сваё слова — вядома, калі вам тое само ідзе ў галаву. Займайцеся толькі тым, што прыходзіць вам само сабою. Пры тым не звяртайце ўвагі на акадэмічныя каноны, але толькі на падставовыя нормы белмовы (абы «р» не было мяккім). Акадэмічныя каноны, слоўнікі і граматыкі фіксуюць мову і дазваляюць упарадкаваць літаратурную мову, гэта праца мовазнаўцаў, якія з акіяну разнастайнасці народных гаворак ствараюць мову, зразумелую для ўсіх. У вас болып сціплая задача — размаўляць па-свойму, а не займацца мовазнаўствам. Калі сёньня вашае маўленне не адпавядае ягоным нормам, дык гэта ня вашая праблема. Калі вы працягнеце размаўляць па-свойму дастаткова працяглы час, дык неўзабаве вашыя наватворы стануць акадэмічнай нормай. Няма нічога больш крохкага за аб’ектыўную рэальнасьць і акадэмічныя каноны.

Зразумейце розьніцу

паміж гутарковай і літаратурнай мовай. Акадэмічныя каноны існуюць для літаратурнай мовы. Калі вы хочаце напісаць артыкул ці раман, які б зразумелі ўсе суродзічы, тады вы сапраўды мусіце трымацца агульнанацыянальнага канону літаратурнай мовы. Але ў размове са сваякамі няма нічога болыш дзіўнага, чым размаўляць «па-граматычнаму». Таму смела ўжывайце наватворы, калі можаце, прысабечвайце любыя выразы і словы з усіх магчымых крыніцаў. Памятайце, што ў вашай мясцовасці абавязкова ёсць свой дыялект, і калі вы загаворыце бліжэй да яго, ваш патрыятычны намер будзе лепш зразуметы ў сям’і, чым калі вы раптам паспрабуеце беларусізаваць сваю сямейную камунікацыю праз чыстую літаратурную мову, якая ў вачах вашых сваякоў будзе дзівацтвам, «мовай пісьменьнікаў». Гэта ня так складана, як спачатку здаецца. Справа ў тым, што ў многіх раёнах нашай краіны людзі «паміж сваімі» і цяпер гавораць на сваёй мове, але не атаясамліваюць яе з літаратурнай беларускай мовай.

Адраджайце спачатку

гэтую «сваю мову», а пасля ўжо літаратурную. Прыкра, але і сёння многія фармальна беларускамоўныя суродзічы гавораць у хаце з сям’ёй па-расейску. То й ня дзіва. У грамадстве яны карыстаюцца агульнапрынятай беларускай літаратурнай мовай, але, ідэнтыфікуючы яе як нешта афіцыйна-грамадскае, яны і іх сям’я не карыстаюцца гэтай беларускай літаратурнай мовай дома. Такое становішча фатальна адбіваецца на трываласці пазыцыяў нашае мовы. Першаснай задачай для ўсіх ёсць адмаўленне ад рускай мовы ў хаце, ва ўласнай сям’і.

Ваша мова — гэта само сабою найлепшы

сродак пераканаць вашых небеларускамоўных апанентаў. Запомніце: усе Боскія правы і законы (канцэпцыі натуральных правоў — для лібералаў і атэістаў) на нашым баку, як беларускамоўных. Вам непрыемна, што з вамі размаўляюць не на вашай мове, хаця павінны? Не пераймайцеся. Хай ім будзе нязручна і дыскамфортна ад таго, што вы з імі гаворыце па-беларуску. Стварыце нязручнасьць тым, хто пагражае вашым інтарэсам. Пачніце цвёрда размаўляць з імі па-беларуску. Яны хочуць паставіць сябе вышэй за вас, хай жа адчуюць ніжэйшасць сваёй пазіцыі, хай ім стане няёмка за сваю неадукаванасць! Вы пабачыце, што мова—гэта зброя. Дык уздыміце ж яе і наступайце пры ейнай дапамозе на вашага небеларускамоўнага візаві.

Нашая мова сёння

ўжо ня так цесна зьвязаная з пэўнымі палітычнымі поглядамі, як раней. Беларускамоўных людзей большае кожны дзень, і прадстаўнікі савецкай нацыі за мову ўжо прынамсі не рашаюцца абражаць. У той самы час беларускамоўнаму чалавеку веры зазвычай даюць болей, што спрыяе ў многіх жыццёвых справах. Да гэтага дадаецца салідарнасць усіх беларусаў, і гэтая супольнасьць, пашыраючыся, у будучым стане асновай новае Беларусі. Мы людзі будучыні з несавецкай, утульнай і ўсмешлівай Беларусі. Там, дзе мы ўсе будзем спадарамі і спадарынямі, а не «мушчынамі» і «жэншчынамі». Таму апошні запавет — будзьце аптымістамі. Калі нават пры нікчэмных сродках мы ўсяго за дзесяцігодзьдзе дамагліся такога велізарнага прагрэсу, дык нашая канчатковая перамога сапраўды блізкая.

(Парады ўзяты з газеты “Наша Ніва”, №8, 24 лютага 2006 года)

 

-->